Беларуская Служба

Папа рымскі Грыгорый XVI назваў чыгунку «дарогай у пекла»

27.02.2021 06:58
217 гадоў таму, 21 лютага 1804 года, у эксплуатацыю быў уведзены першы паравоз.
Аўдыё
  • 217 гадоў таму, 21 лютага 1804 года, у эксплуатацыю быў уведзены першы паравоз
Lokomotywa parowa; zdjęcie ilustracyjne
Lokomotywa parowa; zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Arcansel

Нядаўна адзначалася важная для развіцця нашай цывілізацыі дата. 217 гадоў таму, 21 лютага 1804 года, у эксплуатацыю быў уведзены першы паравоз. Сёння ў гістарычнай рубрыцы – пра гісторыю развіцця паравой тэхнікі ў свеце і Польшчы.

Канструктарам паравой машыны быў брытанец Рычард Трэвітык. Цягнік прайшоў 16 км. Гэтая сціплая траса азначала аднак пачатак новай эры ў гісторыі цывілізацыі: надыходзіла эпоха сталі, пары і хуткасці.

Піянеры ў галіне паравога транспарту бачылі ў развіцці новага віду тэхнікі перш за ўсё эканамічную выгаду. Першай пастаяннай чыгуначнай лініяй стала жалезная дарога, пракладзеная ад шахтаў у горадзе Дарлінгтан у порт Стоктан. Пабудаваны ў 1814 годзе Джорджам Стывенсанам паравоз (дарэчы, ён лічыцца прататыпам пазнейшых сучасных паравых лакаматываў) цягнуў 34 вагоны, у тым ліку 22 вагоны з 450 пасажырамі і 12 з вугалем. 15-кіламетровую трасу Дарлінгтан-Стоктан ён прайшоў за 65 хвілін! Агульная вага цягніка складала 90 т. Але не ўсе з энтузіязмам падыходзілі да новай тэхнікі. Так, некаторыя англійскія газеты пісалі пра амаль што апакаліпсіс, які чакае людзей. Фрагмент архіўнай перадачы Польскага радыё, прысвечанай паравой тэхніцы, з 1981 года. Вось што на пачатку развіцця чыгункі пісалі брытанскія газеты.

З-за чыгункі нельга будзе гадаваць кароў, куры перастануць несціся, птушкі пачнуць гінуць у забруджаным паветры. Прападуць фазаны і лісы, а дамы ля чыгункі ахопіць агонь. Пасажырам жа на чыгунцы пагражае смяротная небяспека, бо іх разарвуць на кавалкі паравозы, якія будуць выбухаць.

Акрамя таго, тагачасны друк пісаў пра тое, што падарожжа па чыгунцы шкодзіць здароўю, бо, нібыта, ад гэтага разбураюцца клеткі галаўнога мозга.

Дарэчы, Папа рымскі Грыгорый XVI быў праціўнікам развіцця чыгункі, назваўшы яе «дарогай у пекла». Гэты ж самы пантыфік быў праціўнікам газавага вулічнага асвятлення, бо лічыў, што гэта – справа рук д’ябла.

Але, нягледзячы на ўсе забароны альбо забабоны, паравая тэхніка, і ў тым ліку чыгунка, пачалі хутка развівацца, таксама на польскіх землях. Першая чыгуначная лінія была пабудаваная ў 1842 годзе і спалучыла буйны горад Уроцлаў з меншым гарадком Алава. Да новага транспарту хутка пераканаліся людзі, бо ўжо неўзабаве, у 1851 годзе, з дарог зніклі пасажырскія дыліжансы, таму што народ перасеў у вагоны.

Чыгунка таксама змяніла характар вайны. Новая тэхніка кардынальна скараціла час мабілізацыі, перакідку войска і пастаўкі армейскага забеспячэння з тыла. А першым ваенным канфліктам, у якім была задзейнічаная чыгунка ў поўным маштабе, стала Грамадзянская вайна ў ЗША.

Дарэчы, менавіта з-за мілітарных прычын з’явілася розніца ў шырыні чыгуначнай каляі паміж Еўропай і Расіяй. Калі ў расійскай імперыі пачалі будаваць чыгунку, то спецыяльна прынялі іншы стандарт. Справа ў тым, што ў выпадку вайны еўрапейскія цягнікі не маглі ісці прама ўглыб Расіі – неабходнай была перагрузка ваенных саставаў.
Такім чынам, паравую тэхніку, і перш за ўсё чыгунку і паравоз, можна назваць вынаходніцтвам, якое змяніла нашу цывілізацыю, даўшы ёй штуршок да далейшага развіцця.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу