У польскай дзяржавы былі тры сталіцы. Першай быў горад Гнезна, актуальна размешчаны на захадзе краіны з насельніцтвам каля 70 тыс. жыхароў. Другой сталіцай быў Кракаў, а трэцяй – Варшава. Менавіта ў сакавіку сёлета споўнілася 425 гадоў з моманту, калі кароль Польшчы Жыгімонт ІІІ Аўгуст прыняў рашэнне аб пераносе сталіцы з Кракава ў Варшаву.
У 1595 годзе Каралеўскі замак на кракаўскім узвышшы Вавэль быў знішчаны пажарам. 18 сакавіка 1596 года кароль Жыгімонт ІІІ Ваза прымае рашэнне аб пераносе сталіцы з Кракава ў Варшаву. Канчаткова манарх разам з сям’ёй ды прыдворнымі пераедзе ў Варшаву ў 1609 годзе. І тады ўжо на практыцы Варшава стане сталіцай Польскай Кароны.
Дарэчы, Жыгімонт ІІІ Ваза быў адначасова вялікім князем літоўскім, а таксама каралём Швецыі. Паходзіў ён з вядомай шведскай дынастыі Ваза.
Вакол пераносу сталіцы з Кракава існуе некалькі гіпотэзаў. Справа ў тым, што перанос сталіцы адбыўся без прыняцця адпаведнага юрыдычнага акту, напрыклад, каралеўскага ўказу. Працяглы час пасля таго, як Варшава была сядзібай караля, каранацыя манархаў адбывалася надалей у Кракаве. Больш за тое, сімвалы каралеўскай улады – карона, яблык і скіпетр, – таксама захоўваліся ў кракаўскім замку на Вавэлі. Дарэчы, пэўныя функцыі сталіцы Кракаў захаваў ажно да трэцяга падзелу Польшчы ў 1795 годзе. Але з цягам часу Варшава стала, як сказаў адзін гісторык, «сэрцам і душой народа».
Варшава стала сталіцай у вялікай ступені дзякуючы свайму цэнтральнаму размяшчэнню паміж двума важнымі гарадамі краіны – гэта згаданы Кракаў і Вільня, якая была сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. Вялікую ролю таксама адыгрывала адлегласць да Гданьска, якому пастаянна пагражалі шведы і які быў важным марскім портам. Дарэчы, парадаксальна, але Жыгімонт ІІІ Ваза, які хоць і быў каралём Польшчы і ваяваў са Швецыяй, хацеў мець сталіцу бліжэй сваёй радзімы. Варшава размяшчалася бліжэй чым Кракаў. Ну, і іншы парадокс: Жыгімонт, будучы каралём Швецыі, ваяваў са сваёй жа радзімай, таму што шведскім манархам быў толькі фармальна.
Зразумела, дзякуючы таму, што сталіца была перанесеная ў Варшаву, горад пачаў развівацца. Каралеўскі архітэктар Санта Гучы ўзяўся за рэканструкцыю Варшаўскага замка. Дзякуючы ёй кароль пераехаў у адрамантаваны замак.
Падчас ператварэння Варшавы з аднаго з галоўных польскіх гарадоў у сталіцу краіны яе насельніцтва налічвала ўжо 14 тыс. чалавек, што нямала як на тыя часы. У межах сцен Старога горада стаяла 169 дамоў; за межамі гарадскіх сцен іх колькасць дасягала 204 дамоў, а ў прыгарадах было больш за 320 дамоў.
У 1576 годзе быў пабудаваны першы пастаянны мост праз Віслу, але ў 1603 годзе ён быў разбураны ледзяным покрывам ракі і да 1775 года не існавала пастаяннага шляху зносін паміж левабярэжнай Варшавай і правабярэжным раёнам, які называецца Прага.
Дарэчы, у Польшчы гаворыцца, што жыхары Кракава па сённяшні дзень не далюбліваюць варшавян за тое, што іх горад стаў сталіцай.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл