Беларуская Служба

Замак Ленна – крэпасць, якая ніколі не здалася (ФОТА)

07.05.2021 16:15
У 1800 годзе гэты славуты сілезскі замак наведаў амбасадар, пазней прэзідэнт ЗША Джон Квінсі Адамс.
Аўдыё
  • Замак Ленна – крэпасць, якая ніколі не здалася.
Замак Ленна Autorstwa Jerzy Strzelecki - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=3114322

Сёння я запрашаю ў Замак Ленна – найстарэйшую мураваную крэпасць у Ніжняй Сілезіі, якая ўжо больш за 850 гадоў узвышаецца над гарадком Влень(Wleń). Замак Ленна знаходзіцца ў прыгожым рэгіёне - у Качаўскіх гарах (Góry Kaczawskie), прыкладна ў 120 кіламетрах на ўсход ад Вроцлава, паміж гарадкамі Львовак Слёнскі(Lwówek Śląski) і Еленя Гура(Jelenia Góra). Турысты, якія наведваюць, напрыклад, ландшафтны парк „Ніжні Бубр” павінны абавязкова паглядзець таксама гэты важны гістарычны аб’ект.

У цяперашні час Замак Ленна лічыцца самым старажытным свецкім будынкам у Сілезіі і адначасова адным з найстарэйшых замкавых комплексаў у Польшчы. Нагадваю, мураваныя замкі ў Легніцы(Legnica) і Вроцлаве(Wrocław) узніклі значна пазней.
Першыя звесткі пра замак у Влені датуюцца X стагоддзем. У той час у межах мясцовага града існаваў ужо касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, на месцы якога цяпер, ля падножжа замка, знаходзіцца касцёл Святой Ядвігі.

Цягам гадоў замак паступова павялічваўся і развіваўся. Першым этапам яго пашырэння стала ўзвядзенне раманскага дома, а пазней таксама характэрнай кубічнай абарончай вежы і капліцы.

Верагодна, на пачатку XIV стагоддзя была пабудавана таксама жылая вежа, якая служыла абарончым пунктам і сховішчам. Да канца XIV стагоддзя быў пабудаваны таксама вялікі замкавы дом на тры паверхі, які размяшчаўся больш-менш на месцы цяперашняга ўваходу на тэрыторыю аб’екта.


Замак Ленна на старой паштоўцы. Замак Ленна на старой паштоўцы. Autorstwa Max Leipelt, Warmbrunn - ImageZeno.org, ID number 20000629707, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=64915820

Варта згадаць, што замак часта наведваў вроцлаўскі князь Генрых І Барадаты, які разам са сваёй жонкай Ядвігай Сілезскай, якая ў 1267 годзе была абвешчаная святой і заступніцай Сілезіі,  дынамічна развівалі інфраструктуру гэтай важнай крэпасці.
Пасля іх смерці ўладу над замкам пераняў іхны сын Генрых II Набожны, які любіў трымаць у замку ваеннапалонных, напрыклад, свайго пляменніка, біскупа Вроцлава Томаса I ці князя Вроцлава Генрыха IV Пробуса. Пасля смерці аднаго з чарговых уладальнікаў замка Болека ІІ Малага ў 1368 годзе яго ўдава, княгіня Агнешка Габсбурска аддала крэпасць братам фон Цэдліцам(von Zedlitz). З гэтага часу абарончы комплекс на працягу многіх гадоў заставаўся прыватнай уласнасцю па чарзе сем'яў фон Цэдліц, фон Рэдэр і фон Шафгaч.

У 1620 годзе Замак Ленна ненадоўга заняў Януш Радзівіл са сваімі войскамі. Цікава, што замак у Влені, як адна з нешматлікіх крэпасцей у Сілезіі, практычна не пацярпеў падчас гусіцкіх войнаў і ніколі не быў здабыты. Затое ў 1633 годзе ягоных жыхароў, як і ўсю Сілезію, спустошыла чума.

Замак прыйшоў у заняпад падчас Трыццацігадовай вайны. Тады крэпасць па чарзе займалі евангельскія шведы, потым каталіцкія Габсбургі. Нарэшце 7 верасня 1646 года шведская армія здалася імперскім войскам на чале з генералам Мантэкуколі, які загадаў узарваць замак, каб ён больш ніколі не быў плацдармам супраціву. З тых часоў Замак Ленна заставаўся ў руінах.

Пасля разбурэння комплекс пераходзіў з рук у рукі чарговых дваран, якія, аднак, ніколі не спрабавалі аднавіць аб’ект і вярнуць яму ранейшую славу.

На працягу стагоддзяў руіны крэпасці прыцягвалі турыстаў. Аднак, з-за адсутнасці руплівага гаспадара і рамонту іх стан толькі працягваў пагаршацца.

Панарама з замкавай вежы. Autorstwa Sławomir Milejski - Praca własna, CC BY 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=62290862 Панарама з замкавай вежы. Autorstwa Sławomir Milejski - Praca własna, CC BY 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=62290862

У 1800 годзе на замкавай гары пабываў амбасадар, пазней прэзідэнт ЗША Джон Квінсі Адамс. Ён быў зачараваны рамантычным размяшчэннем замка і выдатнай панарамай з замкавай гары.

У 2005 годзе з-за падзення камянёў з замкавай вежы замак быў зачынены для турыстаў. У красавіку 2006 года абрынулася паўднёва-заходняя сцяна, а вежа моцна перахілілася. У гэтым жа годзе пачаліся работы, у выніку якіх была адноўлена сцяна і ўзмоцненая канструкцыя вежы. Таксама была ўпарадкаваная тэрыторыя вакол замка.

Адначасова з будаўнічымі работамі праводзіліся археалагічныя раскопкі. У іх выніку былі знойдзеныя тысячы ракавін, самыя старыя з якіх адносяцца да X стагоддзя. З 2018 года замак знаходзіцца пад апекай кансорцыума „Крэпасць”. Дзякуючы гэтаму будынак адкрыты для турыстаў.

Замак Ленна. Autorstwa Rafal Osmielak - Praca własna, CC BY 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=61785320 Замак Ленна. Autorstwa Rafal Osmielak - Praca własna, CC BY 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=61785320

Наведванне замка Ленна ў Влені платнае і магчымае ў канкрэтных гадзінах. У кошт квітка ўваходзіць кароткая экскурсія з гідам па найбольш важных пунктах руінаў замка. У ейных рамках можна даведацца пра цікавую гісторыю крэпасці, капліцы, раманскага дома і жылой вежы. Адміністратары аб’екта рыхтуюць для турыстаў таксама розныя іншыя прывабныя формы наведвання, напрыклад, начныя экскурсіі. Ад бляску паходняў руіны гэтай гераічнай крэпасці становяцца яшчэ больш незвычайнымі.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу