Больш не прыйдзецца чакаць восем гадоў, каб атрымаць нямецкае грамадзянства. Дастаткова пяці, а ў некаторых выпадках і трох. Стаўшы грамадзянінам Германіі, можна будзе захаваць сваё ранейшае грамадзянства. Дагэтуль гэта не заўсёды ўдавалася. Гэта фундаментальныя змены ў існуючыя правілы, прапанаваныя кіраўніцай МУС Германіі Нэнсі Фэзер (СДП).
Аднак справа выклікае шмат спрэчак. «Не час уносіць змены ў сітуацыю, калі няма прагрэсу ў барацьбе з нелегальнай іміграцыяй», – так каментуе праект МУС кіраўніцтва СвДП, партыі ўрадавай кааліцыі. Зялёныя, другі партнёр па кааліцыі, не супраць.
Апазіцыя лічыць, што перад тым, як пачынаць упарадкоўваць нормы атрымання грамадзянства, трэба стварыць умовы для рэальнай інтэграцыі. Фэзер адказвае, што грамадзянства – найлепшы спосаб інтэграцыі. Баварскі ХСС больш за ўсё асцерагаецца, што новыя правілы будуць мець своеасаблівы эфект прыцягвання нелегальнай іміграцыі.
Сапраўдныя прычыны зменаў, відаць, звязаныя з дэмаграфіяй, піша газета. Нямецкае грамадства старэе і адчуваецца недахоп працоўных рук. Некаторыя палітыкі СДПГ адкрыта гавораць пра гэта, зазначаючы, што палягчэнне атрымання грамадзянства зробіць Германію больш прывабнай. Сам праект прадугледжвае магчымасць атрымання грамадзянства пасля трохгадовага пражывання ў Германіі для людзей, якія могуць пахваліцца асаблівымі прафесійнымі або навуковымі дасягненнямі або актыўнасцю ў грамадскай сферы, дэманструючы пры гэтым выдатнае валоданне нямецкай мовай.
Гэта адкрытая брама для асабліва матываваных пачаткоўцаў, такіх як некаторыя ўцекачы з Украіны. У Германіі іх ужо больш за мільён.
– Цяжка ацаніць, наколькі палёгкі ў атрыманні грамадзянства паўплываюць на рашэнне аб іміграцыі спецыялістаў у Германію. Безумоўна, яны робяць краіну больш прывабнай. Аднак патрэбна эфектыўная палітыка прыцягнення спецыялістаў, лічыць праф. Хубертус Бардт, кіраўнік Інстытута нямецкай эканомікі (IDW).
Нямецкі рынак працы дзесяцігоддзямі адчувае патрэбу ў замежных рабочых. Толькі летась туды прыехала больш за 1,6 мільёна працоўных з ЕС, у тым ліку 380 тысяч з Польшчы, 271 тысяча з Румыніі і 208 тысяч з Італіі. Пры гэтым у Германіі працаўладкаваліся амаль 300 тысяч чалавек з краін, якія не ўваходзяць у ЕС.
ав/Rzeczpospolita