Алена Лапцёнак, калега і паплечніца Алеся Бяляцкага, падзялілася сваім поглядам на асобу нобелеўскага лаўрэата.
– Мы знаёмыя больш за 35 гадоў таму. Мы з сяброўкаю пайшлі на літаратурную вечарыну ў Музеі Янкі Купалы., Гэта адбылося ў час, калі я была студэнткаю філфака БДУ, Алесь тады быў аспірантам Акадэміі навук. Гэта быў 1986 ці 1987 год.
– Чалавек змяняецца з часам, бывае, карэктуюцца погляды. Якія змены за гэты час адбываліся ў асобе Бяляцкага?
– Я б не сказала, што Алесь неяк моцна змяніўся. Безумоўна, ён сталеў і развіваўся. Пасля заканчэння ўніверсітэту я прыйшла працаваць у музей, дзе працаваў Алесь, даволі малады яшчэ чалавек. Напэўна, у гісторыі музеяў гэта ўвогуле быў самы малады дырэктар. У яго заўсёды была павага да людзей. Алесь для мяне чалавек – з якім я заўсёды на «вы», разам з тым ён вельмі дэмакратычны, вельмі просты ў адносінах. Я захапляюся яго працаздольнасцю, ведамі, яго ўнутранай перакананасцю. Ён ведае, што, як, куды і навошта. З ім мне заўсёды лёгка, бо ты як бы прыкрыты, за спінаю. Я маю на ўвазе, што за ім заўсёды большая адказнасць, а ты як бы вядомы, ён сапраўды лідар, наперадзе.
Стварыўшы арганізацыю Алесь за гэтыя гады вырас не толькі ў плане праваабарончай тэматыкі, але і ў тым, як прасоўваць беларускую тэматыку на міжнародным узроўні. «Вясна» за гэты час стала пазнавальнай у свеце, цяжка пералічыць, колькі ў арганізацыі розных прэмій, узнагарод.
– У Алеся Бяляцкага рэпутацыя добрага менеджара, кіраўніка. Раскажыце, які ён у працы?
– Безумоўна, шмат было за гэты час цікавых працоўных момантаў. Праваабарончая арганізацыя і аўтарытарызм немагчымыя. Алесь абсалютна дэмакратычны кіраўнік. Не памятаю ніводнага разу, каб Алесь рэзка размаўляў з кімсьці з калегаў. Так, ён можа быць дастаткова цвёрдым, калі лічыць патрэбным цябе ў нечым пераканаць. Ён чалавек даволі ўраўнаважаны, умее кантраляваць свае эмоцыі, размовы з іншым чалавекам. Магу згадаць цікавы для мяне момант, гэта было ў перыяд працы ў Музеі Багдановіча. Тады была такая арганізацыя, як аб’яднанне літаратурных музеяў, кіраўніком быў Леанід Тарасавіч Хадкевіч. Наша падвальнае памяшканне здавалася, за гэта можна было атрымліваць па-за бюджэтныя сродкі, і частку з іх траціць на патрэбы музею. І Алесь набыў нам у музей мікрахвалёўку. Мы сваім калектывам гатавалі штодня абеды для ўсіх, каб людзі не хадзілі, не трацілі грошы. У тыя 19990-ыя гады гэта быў сапраўды набытак. Алесь разумеў, што важна паклапаціцца пра супрацоўнікаў музею. Тым больш і заробкі ў тыя часы былі невялікія. Клопат пра іншых, ашчаднасць у добрым сэнсе гэтага слова.
– Якія б вы вылучалі тры асноўныя рысы Алеся, якія яго найбольш характарызуюць?
– Безумоўна, першае – гэта нацыянальны падмурак. Гісторыя, родная мова, нацыянальная культура. Гэта тое, з чаго Алесь пачынаў. Беларускае адраджэнне на новым этапе.
Другое – дэмакратычныя прынцыпы ва ўсім, тое, што сёння называецца падыходам, заснаваным на правах чалавека. Гэта можа быць у любой сферы дзейнайсці – у адукацыі, у бізнесе, кіраванні. То бок павага да ўсіх людзей і іх правоў.
Яшчэ адной важнай якасцю Алеся я лічу надзейнасць. Гэта чалавек, разам з якім я б без ваганняў пайшла ў разведку і побач з якім пачуваешся ўпэўнена, незалежна ад знешніх абставін: ягоная разважлівасць, стрыманасць і перакананасць, скіраванасць на нацыянальнае адраджэнне беларусаў – прывабліваюць і з'яўляюцца прыкладам. Алесь – шчыры і адданы справе чалавек, як прадстаўнік беларускага грамадства і змагар за права народа «людзьмі звацца» цалкам варты гэтай пачэснай узнагароды – Нобелеўскай прэміі.
А яшчэ, як пісалі нашы класікі, «чалавек, Беларусь, зямля». Алесь любіць зямлю, любіць працаваць на зямлі. Для яго гэта адпачынак. Вёска, дом у вёсцы, дзе ў яго ёсць агарод, там вельмі шмат кветак. Калісьці заязджалі ў ракаў і там такія вяргіні раслі прыгожыя... Прырода, зямля маюць для Алеся вялікае значэнне.
вх