Кожны год перад святамі гучаць заклікі не дарыць жывёлы на Каляды. Многія з іх трапляюць пазней у прытулкі, або яшчэ горш – іх проста выкідваюць – чытаем на сайце Gazeta.pl. Выкідваюць, таму што сабака ці кот надакучылі, таму што жывёла – гэта таксама абавязак, таму што дорага каштуе.
Адных заклікаў, аднак, недастаткова. Паводле досведу супрацоўнікаў Клубу сяброў жывёлы «Animals», больш за ўсё жывёлы выкідаюць падчас летніх канікулаў і пасля Калядаў. Таму прытулкі і арганізацыі аховы жывёлы таксама прадпрымаюць іншыя дзеянні.
– Падараваць жывёлу – вельмі кепская ідэя, таму ў перадкалядны перыяд мы стрымліваем працэдуру выдачы звяроў новым гаспадарам. Ёсць людзі, якія шчыра жадаюць завесці сабаку або ката, але гэта зусім іншая справа. Часам здараюцца бацькі ці бабулі, дзядулі, якія наўпрост кажуць, што хочуць жывы падарунак для ўнука або дзіцяці. У нас такой магчымасці няма, – падкрэсліла ў інтэрв'ю Магдалена Піч (Magdalena Pietsch) з клубу.
Аўтар артыкулу запытаў спецыяліста па паводзінах сабак, як адчувае сябе жывёла, якую ўзялі з прытулку, а пасля Калядаў яе туды вяртаюць. – Сабака, канешне, бачыць свет з іншага ракурсу, чым чалавек, але апошнія даследаванні паказваюць, што ён адчувае сябе вельмі падобна, – падкрэслівае Пётр Войткаў (Piotr Wojtków), уладальнік школы дрэсіроўшчыкаў і псіхолагаў жывёлы. Для жывёлы прабыванне ў прытулку – гэта вялікі стрэс. Ёсць шмат стрэсавых раздражняльнікаў, такіх як шумы або натоўпы іншых звяроў і людзей. Калі мы яшчэ спалучаем гэтыя фактары стрэсу з немагчымасцю свабодна перамяшчацца па тэрыторыі, што зʼяўляецца натуральным для дадзенага віду жывёлы, гэта прамы шлях да дэпрэсіі, – дадае эксперт.
Неабходна разважыць, ці ёсць у нас адпаведныя ўмовы, фінансавыя магчымасці і ці ёсць у нас дастаткова часу, каб клапаціцца пра новага члена сямʼі, – кажа спецыяліст. Мы таксама павінны ведаць, што некаторыя праблемы могуць узнікнуць на пачатку, таму што сабаку патрэбны час, каб адаптавацца да новага месца і сітуацыі. – Звычайна, аднак, гэта часовыя праблемы. Прыклаўшы невялікія намаганні, іх можна вырашыць і збудаваць добрыя адносіны з сабакам, – кажа суразмоўца парталу Gazeta.pl.
нг