Кожны год перад надыходам навагодніх святаў у Польшчы вяртаецца абмеркаванне праблемы феерверкаў. Шмат палякаў не ўяўляе сабе гэтай адзінай ночы ў годзе без навагодняга агню, але гарадскія ўлады і абаронцы жывёлы як правіла выступаюць супраць пуску феерверкаў – піша Gazeta Polska.
Усё больш польскіх гарадоў вырашае адмовіцца ад такой традыцыйнай святочнай забавы. Улады вырашаюць перайсці на лазернае шоу ў музычным суправаджэнні. Напрыклад, афіцыйны Вроцлаў яшчэ ў 2015 годзе адмовіўся ад піратэхнічнага паказу і рэкамендуе тое ж самае зрабіць жыхарам у рамках кампаніі «Вроцлаў не страляе». Па інфармацыі гарадскіх уладаў, выстралаў вельмі баяцца не толькі хатнія зверы, напрыклад, сабакі, але таксама дзікая жывёла. Таму ў лістападзе магістратура заклікала кіраўніцтва гандлёвых кропак не прадстаўляць гандлёвых месцаў купцам, якія прадаюць феерверкі. У будучым годзе дадзеная прадукцыя агулам павінна знікнуць з усіх гарадскіх рынкаў.
Выданне адзначае, што, нягледзячы на заклікі гарадскіх уладаў, традыцыя пускаць феерверкі ў навагоднюю ноч моцна трымаецца ў свядомасці палякаў. Дарэчы, падобныя паказы папулярныя не толькі на Новы год, але таксама падчас розных канцэртаў, фестываляў ды і прыватных урачыстасцяў. Палякі не шкадуюць грошай на феерверкі. Напрыклад, перад вітаннем 2020 года яны прызначылі на піратэхнічныя вырабы ў сярэднім 131 злоты (паводле сённяшняга курсу, гэта амаль 30 долараў ЗША).
Прадпрыемствы, якія займаюцца вырабам феерверкаў, адзначаюць, што дадзеныя вырабы павінны адказваць вельмі жорсткім нормам, а польскія нормы нават больш жорсткія, чым правілы Еўрапейскага Саюзу.
нг