Беларуская Служба

Праваабаронца: гісторыя на баку беларусаў

02.01.2023 18:12
 Гісторыя не раз паказвала, што заўсёды ёсць шанец пабудаваць дэмакратычную дзяржаву, скінуць дыктатараў. 
Аўдыё
  • Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі
Ілюстрацыйны здымакImage by Darwin Laganzon from Pixabay/CC0

Пасля пачатку выбарчай кампаніі 2020 года беларусы зазналі ўсю жорсткасць рэжыму, прававога дэфолту, сутыкнуліся з гвалтам, катаваннямі ды і бесчалавечнымі ўмовамі ў месцах зняволення. Гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя ў гісторыі сучаснай Беларусі па колькасці зафіксаваных праваабаронцамі парушэнняў правоў чалавека. Адказ на гэта можа быць толькі адзін салідарнасць і галоснасць, кажуць праваабаронцы

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца ўжо трэці год, за гэты час з'явіліся прыклады таго, што беларусы не хочуць казаць пра парушэнне іх правоў уладамі, наракаюць на адсутнасць дапамогі, абвінавачваюць з'ехаўшых у тым, што яны публікуюць інфармацыю пра рэпрэсіі, даючы рэжыму падставы арыштоўваць людзей. Некаторыя пачалі рабіць заявы, каб іх не прызнавалі палітвязнямі. Што рабіць у такіх умовах, як можна падтрымліваць ахвяр лукашэнкаўскага тэрору? Пра гэта размова з праваабаронцам Зміцерам Салаўёвым.

- Трэба пісаць лісты, паштоўкі. Бывае неабходнасць дасылаць тэлеграмы, калі вядома, што лісты не перадаюць. Калі людзі яшчэ ў СІЗА магчыма дасылаць поштай пасылкі, але я раю ўзгадняць гэта з роднымі. Былі выпадкі, калі кошт дасланых пасылак залічвалі ў ліміт перадач. Ёсць яшчэ магчымасць пакласці грошы на рахунак тым, каго яшчэ не асудзілі праз паштовае аддзяленне. Варта ўвесь час нагадваць усяму свету, што ў Беларусі адбываецца тэрор у дачыненні да грамадства, выкарыстоўваць любую магчымасць.

Асабліва гэта важна цяпер ва ўмовах вайны ва Украіне, кажа праваабаронца

- З-за вайны ва Украіне ўвага цяпер перанесеная на жудасную вайну, да Беларусі ўвагі менш. Пры гэтым у краіне 1453 палітвязня, іх пераследуюць за палітычныя перакананні. Гэтая лічба павялічваецца.

Адмысловец зычыць Беларусі ў новым годзе вызвалення палітвязняў і дэмакратызацыю краіны.

- Асноўнае пажаданне на новы год, каб усе палітычныя зняволеныя выйшлі на волю. За гэта трэба змагацца. Усе мы жадаем жыць у вольнай і дэмакратычнай краіне. Гэта абавязкова будзе, гісторыя паказвае, што кожны народ мае шанец пабудаваць дэмакратычную дзяржаву, скінуць дыктатараў. У Беларусі цяпер бандыцкі рэжым, сілавікі ператвараюць краіну ў канцэнтрацыйны лагер.

Пры гэтым трэба разумець, што працэс змагання можа быць доўгім, патрэбная сістэмная праца з грамадствам у неспрыяльных геапалітычных умовах, перакананы Зміцер Салаўёў.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч