Беларуская Служба

53 гады таму ў Варшаве перасунулі Палац Любамірскіх на 78 метраў (ФОТА+ВІДЭА)

27.05.2023 06:02
Падрыхтоўка і перасоўванне палацу працягнуліся паўтара месяца.
Аўдыё
  • 53 гады таму ў Варшаве перасунулі Палац Любамірскіх на 72 градусы
53         78
53 гады таму ў Варшаве перасунулі Палац Любамірскіх на 78 метраўNarodowe Archiwum Cyfrowe

53 гады таму ў Варшаве была завершаная ўнікальная аперацыя. А менавіта, 18 мая 1970 года Палац Любамірскіх, які быў пабудаваны ў 1712 годзе, быў перасунуты на 74 градусы. Гэта было зроблена ў імя новай канцэпцыі горадабудаўніцтва.

Палац Любамірскіх быў пабудаваны Радзівіламі ў стылі класіцызму, пазней належаў розным уладальнікам. У 90-х гадах 18 стагоддзя перайшоў ва ўласнасць роду Любамірскіх: яго набыла Разалія Любамірская, якая, дарэчы, была пакараная смерцю на гільятыне ў Парыжы падчас Французскай рэвалюцыі ва ўзросце 26 гадоў. У 1793 і 1928 гадах адбыліся перабудовы аб’екту. У сваю чаргу ў 1948-1951 гадах прайшло яго аднаўленне, паколькі ў вайну палац быў значна пашкоджаны.

У 1970 годзе ўлады прынялі рашэнне перасунуць палац, каб стварыць новую гарадскую прастору і каб ён, у прыватнасці, прыкрыў старыя гарадскія гандлёвыя шэрагі, якія не падабаліся кіраўніцтву польскай сталіцы, бо нібыта былі брыдкія. Гэта была вельмі дарагая аперацыя ў фінансавым плане і патрабавала прымянення ўнікальных інжынерных вырашэнняў.


Kratownice i torowiska służące do przesuwania pałacu. Widoczne rusztowania wzmacniające budynek  Źr. NAC Kratownice i torowiska służące do przesuwania pałacu. Widoczne rusztowania wzmacniające budynek Źr. NAC

Дарэчы, у 1713 годзе палац хацеў разабраць кароль Аўгуст ІІ Моцны, бо будынак яму не падабаўся, і, паводле манарха, парушаў гарадскую прастору. Справа ў тым, што кароль быў прыхільнікам барока, а палац пабудавалі ў стылі класіцызму. На шчасце, Аўгуст ІІ не меў грошай і таму адмовіўся ад ідэі.

У 1963 годзе ў непасрэдным суседстве з палацам пачалося будаўніцтва шматпавярховак. Калі б прыйшлося рэалізаваць першапачатковы праект, то ў выніку палац быў бы закрыты шматпавярхоўкамі. На гэта не згадзіўся старшыня Рады дзяржавы Мар’ян Спыхальскі, які, дарэчы, раней займаў пасаду мэра Варшавы і да сталіцы меў вялікі сентымент. І таму было вырашана памяняць праект, а палац перасунуць, каб яго не закрылі шматпавярховыя дамы і каб ён быў бачны з вуліцы.

Падрыхтоўка і перасоўванне Палацу Любамірскіх пачаліся 30 сакавіка 1970 года і працягнуліся паўтара месяца. Першапачаткова будынак быў «адпілаваны» ад фундаментаў і гаспадарчых пабудоў, якія знаходзіліся па двух баках. Пазней былі пракладзеныя рэйкі, а сам палац «пастаўлены» на вялізныя металічныя крыты. І паступова ды павольна будынак на кратах перасоўвалі па рэйках. У выніку Палац Любамірскіх, вага якога складае каля 8 тыс. тон, даўжыня – 65 м, а шырыня – 16 м, быў перастаўлены на 78 метраў, змяніўшы пазіцыю на 74 градусы. Частка кратаў і драўляных бэлек, якія служылі свайго роду амартызатарамі, засталіся пад палацам. Інжынеры, што сачылі за перастаноўкай, не заўважылі пашкоджанняў аб’екту.

Цяпер палац стаіць фасадам да вуліцы Маршалкоўскай – адной з найбольшых у Варшаве. І кожны, хто па ёй праязджае, можа палюбавацца прыгожым аб’ектам.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

 

Больш на гэтую тэму: Машына часу