Выданне апісвае гісторыю аднаго з агентаў, псеўданім «Дуб», які сачыў за падляскім пісменнікам Сакратам Яновічам. Агент пастаўляў інфармацыю Службе бяспекі ажно 20 гадоў і атрымліваў за гэта грошы. Аўтар артыкулу Ежы Хмялеўскі піша, што несправядліва было б апісаць жыццёвы кашмар Сакрата Яновіча (у папярэдніх нумарах апісвалі супрацу мастака са СБ, у якой ён сам прызнаўся), а даносчыкаў пакінуць ананімнымі.
Кім быў «Дуб» вызначыць было складана. Агент існаваў у беларускім асяроддзі Беластока амаль незаўважальным. Ён прымаў удзел у паседжанні кіраўніцтва БГКТ, але яго прозвішча чальцам невядомае. У яго былі блізкія адносіны толькі з прыбіральшчыцай, якая і была крыніцай інфармацыі.
Працуючы ў архівах Ежы Хмялеўскі высветліў, што першы данос пра Яновіча «Дуб» напісаў у снежні 1968 году пасля таго, як атрымаў заданне вывучыць магчымасць бліжэйшага знаёмства з працаўнікамі тыднёвіка «Ніва».
Ежы Хмялеўскаму ўдалося знайсці прозвішча агента. Ім быў інжынер Ян Дудзік з Гарадка, які сваю нацыянальнасць зазначаў як беларускую. Яго завербаваў капітан Мікалай Федарук, які раней завербаваў самога Сакрата Яновіча. У абгрунтаванні капітан Федарук пісаў: «Ён мае вялікія знаёмасці сярод асоб беларускай нацыянальнасці, асабліва сярод беларускай інтэлігенцыі, частка якой схільная да вядзення варожай нацыяналістычнай дзейнасці. Дзякуючы адукацыі, пасадзе і знаёмасці беларускай тэмы з’яўляецца шанаваным і паважаным. Мае рэальныя магчымасці распрацоўкі людзей, якія нас цікавяць».
Засталося толькі знайсці аргументы, каб пераканаць інжынера да супрацы, піша Ежы Хмялеўскі. Былі выкарыстаныя матэрыялы з часу гітлераўскай акупацыі. Дудзік не прызнаўся, што служыў у нямецкай паліцыі і Беларускай краёвай абароне, калабарацыйным збройным фарміраванні. З сакавіка па снежань 1945 году сядзеў у турме, выйшаў на свабоду з-за адсутнасці доказаў злачыннай дзейнасці.
ав