Беларуская Служба

Папа Рымскі Францішак знаходзіцца ў самым доўгім 12-дзённым падарожжы

08.09.2024 08:19
Ён наведаў Інданезію, цяпер знаходзіцца ў Папуа-Новай Гвінеі, далей накіруецца ва Усходні Тымор і Сінгапур.
Аўдыё
  • Папа Рымскі Францішак знаходзіцца ў самым доўгім 12-дзённым падарожжы
Францішак у ІнданэзііPAP/EPA/ADI WEDA / POOL

Гэта падарожжа кантрастаў. Францішак наведаў Інданезію, дзе пражывае найбольшая колькасць мусульман у свеце, а ва Усходнім Тыморы жыве найбольшы працэнт католікаў у свеце. Гэта пілігрымка ў бедныя краіны і Сінгапур - адну з самых багатых.

Падчас сваёй пілігрымкі ў Інданезію Папа заахвоціў вернікаў быць будаўнікамі адзінства і міру. Францішак цэлебраваў імшу на стадыёне ў Джакарце. У сваёй гаміліі Папа падкрэсліў, што сярод блытаніны і марнасці чалавечых слоў Божае Слова неабходна для разумення сапраўднага сэнсу жыцця. Ён адзначыў, што жыццё ў веры пачынаецца тады, калі словы Езуса здольныя нас узрушыць і змяніць. Ён заклікаў вернікаў будаваць больш справядлівае грамадства:

-Заўсёды майце адвагу марыць аб братэрстве. Я заклікаю вас сеяць любоў, ісці шляхам дыялогу, практыкаваць дабрыню з тыповай усмешкай, якая вас характэрызуе.

Стадыён імя Сукарна - першага прэзідэнта Інданезіі - адзін з найбуйнейшых у Паўднёва-Усходняй Азіі. Мяркуецца, што ў набажэнстве прынялі ўдзел 50 тысяч чалавек.

Францішак і вялікі імам мячэці Джакарты падпісалі сумесную дэкларацыю, у якой абавязваюцца спрыяць рэлігійнай згодзе на карысць чалавецтва. Падчас пілігрымкі ў Інданезію Папа прыняў удзел у міжрэлігійнай сустрэчы ў Мячэці сяброўства.

У дэкларацыі гаворыцца аб сумеснай барацьбе з гвалтам, змякчэнні канфліктаў і абароне навакольнага асяроддзя ў эпоху катастрафічных змен клімату. У сваёй прамове Папа звярнуў увагу на тое, што міжрэлігійны дыялог — гэта не пошук агульнай мовы паміж вернікамі любым коштам:

-Што сапраўды збліжае нас, так гэта стварэнне сувязі паміж нашымі рознагалоссямі, клопат пра сяброўства, увага і клопат адзін пра аднаго.

Папа заклікаў нікога не захапляцца фундаменталізмам і насіллем, якія прыводзяць да трагічных наступстваў.

Сустрэча адбылася ля ўваходу ў Тунэль сяброўства, які злучае мячэць з размешчаным побач саборам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.


Папу прывітаў прэм'ер Папуі-Новай Гвінеі Папу прывітаў прэм'ер Папуі-Новай Гвінеі

З 6 па 9 верасня Папа Францішак знаходзіцца ў Папуа-Новая Гвінеі. Перапіс насельніцтва, праведзены ў 2011 годзе, паказаў, што больш за 95% жыхароў Папуа-Новай Гвінеі лічаць сябе хрысціянамі. Адна чацвёртая частка адзінаццаці мільённага насельніцтва - католікі.

У цяперашні час працягваецца абмеркаванне прапановы евангельскіх суполак, каб у Канстытуцыі прапісаць, што краіна з’яўляецца хрысціянскай дзяржавай. Каталіцкія біскупы падыходзяць да гэтага з асцярогай, падкрэсліваючы, што ва ўступе да Канстытуцыі ёсць аднясенне да Бога, а канфесіянальныя ўдакладненні не патрэбныя, бо «мы свецкая дзяржава, у якой відавочна пануе свабода рэлігіі».

Касцёл у Папуа-Новай Гвінеі малады, яму няма яшчэ 150 гадоў, але ён вельмі дынамічны. Духавенства адзначае, што надзею дае энтузіязмам, з якім у краіне прымаюць Евангелле. На гэта звяртае ўвагу першы папуаскі кардынал (з 2016 г.) Джон Рыбат. Касцёл у Папуа-Новай Гвінеі вылучаецца перш за ўсё актыўным удзелам католікаў у жыцці Касцёла. «Кожны хоча адчуваць сябе яго часткай, хоча ўдзельнічаць у яго жыцці. Касцёл вельмі жывы», - падкрэслівае арцыбіскуп. На яго думку, Касцёл у Папуа-Новай Гвінеі з'яўляецца «яшчэ місіянерскім, і разам з тым ужо тутэйшым».

Дарэчы, народ Папуа-Новай Гвінеі вельмі разнастайны з пункту гледжання мовы, нацыянальнасці і племянных рэлігій. У краіне 800 моў і 800 розных культур.

У панядзелак 9 верасня Папа вылеціць ва Усходні Тымор. Ён стане першым кіраўніком Каталіцкага касцёла, які наведае краіну пасля атрымання ёю незалежнасці ў 2002 годзе.

У сталіцы краіны Дзілі Францішак будзе прыняты прэзідэнтам Усходняга Тымора Жазэ Рамас-Ортам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру 1996 года, і выступіць з прамовай перад уладамі. Папа таксама сустрэнецца з моладдзю і духавенствам і адслужыць Імшу ў аўторак, 10 верасня.

У сераду, 11 верасня, пачнецца апошні этап папскага падарожжа: двухдзённы візіт у Сінгапур, які лічыцца адным з самых бяспечных месцаў у свеце. Тут строгія законы і смяротнае пакаранне, якое выконваецца і сёння. Чакаецца, што Папа Рымскі яшчэ раз асудзіць яго прымяненне.

У праграме візіту Францішка ў Сінгапур – імша на нацыянальным стадыёне і міжрэлігійная сустрэча з моладдзю.

Папа вернецца ў Рым вечарам 13 верасня.

ав

 

Больш на гэтую тэму: Багацце веры