На камунальных могілках Юнікава і Міластова выдзелена адмысловае месца для правядзенне экапахаванняў. У месцах, якія называюць Лесам памяці, пахаванні адбываюцца ў біяраскладальных урнах у функцыянальна аддзеленай лясной зоне. Пахаванні павінны насіць экалагічны характар — месцы індывідуальных пахаванняў не будуць ніякім чынам пазначацца надмагіллямі, плітамі, крыжамі, букетамі/вянкамі і г.д.
Кветкі і знічы можна ўскласці да памятных камянёў, на якіх могуць (але няма такога абавязку) быць размешчаны таблічкі з інфармацыяй аб пахаваных. Каля Лесу памяці ўсталявалі лаўкі для наведвальнікаў.
Матэвуш Дзёба з адміністрацыі камунальных могілак у Познані прызнае, што да стварэння такога месца для пахаванняў, іх заахвоцілі дзве справы. Першая – гэта актыўнасць адной з жыхарак гораду, якая дапытвалася аб магчымасці пахавання канкрэтна ў лесе. Другі імпульс дало адсочванне пахавальных трэндаў у Еўропе:
- Аказалася, што пахаванне ў лесе не з’яўляецца нечым невядомым. Каля 30 гадоў таму такая форма пахавання распачалася ў Швейцарыі. Потым практыка паявілася ў Аўстрыі, Германіі. Там можна пахаваць урну з прахам у звычайным лесе, паміж дрэваў. Мы ведалі, што польскае заканадаўства такога не дазваляе. Закон аб пахаваннях у Польшчы дастаткова архаічны, сёлета яму 65 гадоў. Там гаворыцца, што хаваць памерлых можна толькі і выключна на могілках. Мы пачалі задумвацца, ці мы ў Познані, у межах нашых гарадскіх могілак, у стане падрыхтаваць такую прастору, каб спалучыць ідэю пахавання ў лесе і адначасова на могілках.
У Познані ўжо існавалі гэтак званыя Палі памяці, дзе можна было хаваць урны з прахам у непазначаных месцах. Аднак гэтае месца не мае ляснога характару.
Лес памяці ў Познані
Атачэнне Лесу памяці на могілках Юнікава і Міластова цалкам нагадваюць лес. Прах памерлага хаваюць у біяраскладальных урнах, гаворыць Матэвуш Дзёба:
- Гэта таксама вынікае з паверхні, якую мы хочам выкарыстоўваць у пастаянным рэжыме. Калі б мы дазвалялі хаваць урны з метала ці пластыку, то час іх раскладвання не дазволіў бы на далейшае выкарыстанне месца. Папяровыя, кардонныя, драўляныя ўрны дастаткова хутка раскладаюцца, а нашай ідэяй таксама было тое, каб на адным месцы пахаваць як мага больш людзей. Гэта таксама спрыяльна для экалогіі. Няма сітуацый, калі памерлага хаваюць у штучнай вопратцы, пакрытай лакам труне. У такім выпадку мы некарысна ўплываем на навакольнае асяроддзе. Тут памерлага хаваюць у згодзе з прыродай. Таму экалогія была важнай. Таксама мы просім, каб кветкі і знічы былі ў сімвалічнай колькасці. На звычайных магілах колькасць штучных кветак і знічак бывае жахлівай. Мы заахвочваем, каб праяўляць памяць сімвалічна, у думках, размовах, а не тым, што мы прыносім на могілкі. Перыяд успаміну ўсіх памерлых – гэта велізарныя выдаткі для кіраўніцтва могілак, паколькі колькасць смецця ў гэтым часе – вельмі-вельмі вялікая.
На згаданых раней Палях памяці у год хаваюць ад 50 да 100 чалавек. Гэта невялікі адсотак ад усіх пахаванняў. На гарадскіх могілках гораду у год хаваюць прыкладна 4 тысячы чалавек.
Матэвуш Дзёба гаворыць, што працуючы над стварэннем Лясоў памяці, яны падазравалі, што будуць ахвотныя скарыстацца такім месцам для пахаванняў:
- Цяпер мы можам параўноўваць сітуацыю з году ў год. Мы пачалі ў канцы 2022 году ў Юнікаве, у Міластове Лес памяці быў адчынены год таму. У мінулым годзе на абодвух могілках было 20 пахаваных, сёлета іх ужо 40. Рост у два разы. Зацікаўленне ёсць, а людзі пытаюцца. Прычым размовы пра пахаванне надалей з’яўляюцца ў сем’ях тэмай табу. Мы адцягваем такую размову, а найлепш увогуле не размаўляць. Людзі пытаюцца, ці патрэбныя нейкія згоды, каб быць пахаваным у такім месцы. Пахаванне ў Лесе памяці адбываецца так жа, як і ў традыцыйнай магіле, выкапанай у зямлі, у вымураванай магіле, ці ў выпадку урны ў калумбарыі.
Матэвуш Дзёба таксама звяртае ўвагу на фінансавы аспект паховін у Лесе памяці. Расходы ўдвая меншыя. Таксама праз 20 гадоў не трэба аднаўляць плату за месца на могілках.
Суразмоўца гаворыць, што сем’і пахаваных часта гаворыць пра адмысловую атмасферу ў Лесе памяці:
- Знаходзячыся ў такім месцы мы адчуваем сябе так, быццам бы мы ў парку. Зрэшты, месца пахаванняў амаль не адрозніваецца ад парку, там можна шпацыраваць, паглядзець, як яно выглядае. Тут ёсць блізкасць як з памерлымі, так і з натурай. Думаю, атачэнне дапамагае людзям, якія развітваюцца са сваімі памерлымі.
Адміністрацыя хацела б, каб у будучыні сем'і памерлых маглі развеяць прах сваіх блізкіх у Лесе Памяці. Аднак цяпер у Польшчы для гэтага няма адпаведных законаў.
ав
слухайце аўдыё