Беларуская Служба

Адной з тэм, якія найчасцей падвяргаюцца маніпуляцыям, з'яўляецца тэма клімату

25.11.2024 16:07
Дэзінфармацыя распаўсюджваецца ў адказ на грамадскі інтарэс да дадзенай тэмы.
Аўдыё
  • Адной з тэм, якія найчасцей падвяргаюцца маніпуляцыям, з'яўляецца тэма клімату
.
.photoshopper24/pixabay.com/CC0

Чым больш пытанняў пра змены клімату ў грамадскай прасторы, чым больш актыўна прадпрымаюцца захады, звязаныя з адыходам ад выкапнёвага паліва, тым больш верагодна, што тэма клімату будзе падвяргалася маніпуляцыям і скажэнням.

Даследаванні фонду Інстытут грамадскіх спраў (Instytut spraw publicznych) паказваюць, што амаль палова палякаў сутыкаецца з кліматычнай дэзінфармацыяй. Успрымальнасць польскага грамадства да такога тыпу дэзінфармацыі высокая і з'яўляецца вынікам складанасці пытанняў, звязаных са змяненнем клімату, а таксама недастатковага ўзроўню ведаў і кампетэнтнасці СМІ.

У пошуках вызначэння кліматычнай дэзінфармацыі, на дапамогу прыходзіць даследаванне, падрыхтаванае кааліцыяй Climate Action Against Disinformation (CAAD), якое звяртае ўвагу на наступныя характарыстыкі дэзінфармацыі:

- стаўленне пад сумнеў існаванне і відавочнае ўздзеянне на чалавека змены клімату і неабходнасць прыняць адпаведныя, тэрміновыя меры ў адпаведнасці з навуковым кансенсусам і ў адпаведнасці з мэтамі Парыжскага пагаднення па клімаце,

Чарговы элемент - ілжывае прадстаўленне навуковых даных, у тым ліку абмінанне фактаў або іх выбарачнае прадстаўленне, каб падарваць давер да кліматычных устаноў, экспертаў і рашэнняў,

І нарэшце - агалошванне ілжывых дзеянняў у падтрымку кліматычных мэтаў, якія сапраўды спрыяюць глабальнаму пацяпленню або супярэчаць навуковаму кансенсусу па змякчэнні наступстваў змянення клімату або адаптацыі да яго.

Беларускі выкладчык, экалагічны актывіст Уладзімір Зуеў звяртае ўвагу, што спрэчныя і часта фальшывыя інфармацыі аб клімаце былі і будуць:

- Кліматалогія – гэта галіна, якая абапіраецца на навуковыя даследаванні. 95% вучоных пацвярджаюць, што клімат змяняецца. Але частка кажа, што гэта пэўныя натуральныя змены, ёсць цыклы, а клімат мяняўся і раней. А частка кажа, што значную ролю выконвае антрапагенны фактар. Калі б не было чалавека, то гэтыя змены не былі б такімі рэзкімі. Таму не дзіўна, што ёсць розныя погляды аб зменах клімату і рознае ўспрыманне гэтых змен.

Як у кожнай іншай навуковай галіне важна ўмець граматна карыстацца інфармацыяй. Інфармацыя ў галіне кліматычных змен складаная. Напрыклад, кожны з пяці асноўных сцэнароў развіцця змен клімату на планеце мае ад 10 да 15 мадэляў. Гэтую навуковую інфармацыю звычайнаму чалавеку ўспрыняць цяжка.

- Для мяне, як практыка, а не фундаментальнага вучонага, вельмі важна, як гэтыя змены праяўляюцца ў надвор’і. Для мяне важна разумець наступствы інфармацыі, якую я магу атрымаць у адкрытым доступе, гэта могуць быць сайты метэаструктур. Тут вельмі важна граматна карыстацца інфармацыяй.

У распаўсюджванні кліматычнай дэзінфармацыі замешаныя розныя суб’екты, якія зацікаўленыя ў захаванні статус-кво або запаволенні працэсаў трансфармацыі. Да іх адносяцца кампаніі, якія займаюцца выкапнёвым палівам, галіновыя асацыяцыі, некаторыя кансерватыўныя аналітычныя цэнтры, СМІ і палітыкі, блогасфера, якая адмаўляе змены клімату.

- Хутчэй за ўсё, гэта нейкай камерцыйная ці палітычная карысць. Палітычная карысць можа праяўляцца і ў сітуацыі, калі крычаць: усё дрэнна, мы ўсе памрэм. Камерцыйная: мы не памрэм, але вы павінны купіць мой прадукт, каб спыніць змены клімату.

Свайго роду фэйкам з’яўляюцца сцвярджэнні, што нічога не варта рабіць, бо выратаваць нічога немагчыма. Так, спыніць змены нельга, але можна іх запаволіць, а больш важан- прыстасавацца да іх.

У зман уводзіць таксама наррацыя, тыпу: мы не будзем працаваць над змяншэннем выкідаў вуглякіслага газу, паколькі ЗША ці Кітай гэтага рабіць не хочуць. Ад лакальных захадаў залежыць лакальны клімат, канстатуе Уладзімір Зуеў:

- Гэтай фейк, бо змены клімату маюць і лакальнае праяўленне. Даказана, што ў бліжэйшыя 10-20 гадоў змены клімату будуць праяўляцца ў пэўных зонах нашай планеты. Больш за ўсё пацерпяць палярныя зоны, яны ўжо церпяць. Нядаўна паявілася інфармацыя, што ў Расіі знік цэлы востраў менавіта з-за змен клімату. Гэтыя змены – вынік змены ладу жыцця тых этнасаў, якія там жывуць. Тое ж самае будзе з горнымі абласцямі. Цэнтральная Еўропа пад найменшай пагрозай дзякуючы ўмеранаму клімату. Аднак узрастае колькасць раптоўных з’яў. Калі ў нас не будзе механізмаў, каб зменшыць наступствы, то ў нас будуць страты ў здароўі і ў фінансах.

Разуменне таго, якой можа быць кліматычная дэзінфармацыя, хто за ёй стаць і якія інструменты выкарыстоўвае, мае важнае значэнне для распрацоўкі эфектыўных стратэгій барацьбы з дэзінфармацыяй і прасоўвання абгрунтаваных кліматычных дзеянняў.

Адной з найлепшых крыніц інфармацыі пра клімат з’яўляецца старонка naukaoklimacie.pl.

ав

слухайце аўдыё

 

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце