Беларуская Служба

Былы палітвязень, цяпер эмігрант: «Абставіны жыцця ў эміграцыі аб’ядноўваюць беларусаў»

16.03.2025 06:07
2020 год усё паламаў, і тут даводзіцца пачынаць усё зноўку. 
Аўдыё
  • Гутарка з беларускім эмігрантам у Польшчы.
Віктар ПархімчыкФота: Павел Залескі//Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Адаптацыя ў выгнанні: жыццё і выклікі эміграцыі

Вось я прыходжу дадому і магу легчы ў ложак і спаць. Для многіх людзей гэта не здаецца нечым звышважным, але я ўдзячны лёсу, што ў мяне ёсць такая магчымасць. Да эміграцыі можна адаптавацца, але ёсць рэчы больш страшныя, — лічыць былы палітвязень Віктар Пархімчык.

Мы прыстасоўваемся, працуем, наладжваем жыццё…

Віктар Пархімчык — былы палітвязень. У эміграцыі ён знаходзіцца больш за два гады. Кажа, што пачынаць жыццё ў новай краіне давялося з нуля і практычна на роўным месцы.

— Мы прыстасоўваемся, працуем, зараз нібыта ўсё стабільна. Канешне, цяжэй падымацца з кален, бо ў Беларусі ў нас быў стабільны бізнес, наладжанае жыццё. 2020 год усё паламаў, і тут даводзіцца пачынаць усё зноўку. Мне ўжо 41 год, а я зноў у пачатку дарогі: наладжваю сувязі, нанова зарабляю рэпутацыю ў новых умовах, шукаю кліентаў. Я займаюся распрацоўкай сайтаў і з Беларуссю, па зразумелых прычынах, працаваць не магу. Асноўныя спажыўцы маіх паслуг цяпер — беларусы, якія жывуць у эміграцыі. Ёсць і палякі, але ў меншай ступені. Пачынае працаваць сарафаннае радыё, працэс запускаецца, да мяне звяртаюцца з заказамі, але гэта адбываецца павольна.

Для мяне галоўнае — назіраць за працэсам, як чалавек стварае нешта новае

Тым не менш, паводле суразмоўцы, на жыццё ўжо зарабляе і ўжо сам мае магчымасць дапамагчы тым, каму цяжка. Вызваляюцца людзі, з якімі сядзеў у вязніцы, яны таксама пакідаюць краіну і ім трэба дапамагчы арганізаваць быт, знайсці жыллё і працу. А што датычыць працы, то прызвычаіўся працаваць адзін, паколькі так у яго атрымліваецца больш творча, а гэта асноўнае, што ён шукае ў сваёй працы. Хаця, як прызнаецца, для некаторых праектаў узнікае патрэба арганізоўваць часовую каманду. І, як правіла, з беларусаў, якія раскіданыя па ўсім свеце.

— Былі спробы ўладкавацца ў фірму, але я ўсё ж такі чалавек, які прызвычаіўся працаваць сам на сябе. Мая жонка працуе на фірме, дарэчы, у беларусаў, якія перавезлі сюды цэлую вытворчасць, і ёй падабаецца. А я прызвычаіўся да працы на фрылансе. Быў некалі перыяд, калі я працаваў у "Белдзяржстраху", але гэта не маё. Маё — гэта ствараць крэатыўныя праекты, якія прыносяць вынік, і бачыць удзячных кліентаў. Я неаднойчы ўжо назіраў, як людзі ў эміграцыі пачынаюць нечым займацца, і гэта даходзіць да сапраўднай справы, якая прыносіць прыбытак. Гэта вельмі матывуе. Я б нават сказаў, што для мяне галоўнае нават не грошы, а сам працэс стварэння чагосьці новага і патрэбнага.

Абставіны жыцця ў эміграцыі аб’ядноўваюць беларусаў

І ў той самы час спадар Віктар кажа, што ён усё ж такі чалавек сацыяльны і ў эміграцыі імкнецца браць актыўны ўдзел у беларускім жыцці. Ён наведвае палітычныя мерапрыемствы, канцэрты і іншыя імпрэзы, якія ладзяць і эмігранты, і прадстаўнікі беларускай меншасці ў Польшчы.

— Я назіраю такі працэс сярод эмігрантаў, які можна назваць яднальным. Беларусы тут у такіх умовах, калі іх акружае іншая мова, іншыя звычкі і традыцыі, а гэта, у сваю чаргу, выступае фактарам аб’яднання. Мы людзі сацыяльныя і хочам падтрымліваць сувязі ў тым асяроддзі, у якім апынуліся ў выгнанні. Я заўважаю, што тут у мяне з’явілася больш кантактаў з людзьмі, чым у Мінску. Ідзеш у краму і па дарозе можаш сустрэць некалькі беларусаў, якіх ведаеш і з якімі павітаешся.

2020 год прымусіў ізноў паглядзець на беларусаў па-іншаму

Ён згадвае, што ў Беларусі актыўнасць праяўляў у студэнцкія гады, а пасля наступіла расчараванне ў сваім народзе: маўляў, яны нічога не хочуць змяняць у жыцці. І толькі 2020 год прымусіў яго зноў паглядзець на беларусаў па-іншаму.

— Я зразумеў, што ёсць сэнс выходзіць на пратэсты. Я бачыў, што не адзін, што нас большасць, што выходзяць цэлыя гарады.

— А што вас цяпер прыцягвае да беларускіх ініцыятыў?

— Мой генетычны код. Я ўсё ж беларус. Маё кола зносін — гэта таксама беларусы, і іншага няма. З палякамі я таксама падтрымліваю стасункі — добрыя людзі, падабаецца з імі кантактаваць. Ёсць, канешне, выключэнні, але народ вельмі культурны, па-еўрапейску выхаваны. І калі ты нармальна паводзіш сябе ў гэтым грамадстве, паважаеш іх законы і звычаі, то ў цябе ніякіх праблем не ўзнікае.

Да эміграцыі можна адаптавацца, але ёсць рэчы больш страшныя

Мы разважаем са спадаром Віктарам наогул пра жыццё ў эміграцыі, пра тое, як для многіх нашых суайчыннікаў яно стала цяжкім грузам. Але ён мае на гэта свае аргументы.

— У мяне ёсць досвед, які я атрымаў у зняволенні, знаходзячыся ў нечалавечых умовах. Такія рэчы, як эміграцыя, у параўнанні з гэтым — дзіцячы садок. Вось я прыходжу дадому і магу легчы ў ложак і спаць. Для многіх людзей гэта не здаецца нечым звышважным, але я ўдзячны лёсу, што ў мяне ёсць такая магчымасць. Да эміграцыі можна адаптавацца, але ёсць рэчы значна страшнейшыя. Канешне, у маёй галаве ёсць думкі пра вяртанне дадому. Якімі б добрымі людзьмі ні былі палякі, але мы тут не ў сябе дома. Усё ж мой асяродак — гэта мая краіна, якая зараз пад акупацыяй. Для членаў маёй сям’і працэс эміграцыі значна цяжэй праходзіць, але яны не сядзелі за кратамі...

Спадар Віктар бачыць, як многія беларусы мараць вярнуцца на Радзіму, таму раіць усім жыць сённяшнім днём і дапамагаць, чым магчыма, каб наблізіць гэты момант і не складваць рук.

Павел Залескі

Фота: Віктар Пархімчык