Улады Ганконга на фоне масавых прадэмакратычных пратэстаў, якія не спыняюцца ўжо чацвёрты месяц, забаранілі грамадзянам прыхоўваць свае твары. Нашэнне масак забараняецца з 5 кастрычніка, абвясціла кіраўнік адміністрацыі Ганконга Кэры Лам ў пятніцу, 4 кастрычніка. Яна патлумачыла, што распараджэнне прынята ў мэтах спынення гвалту ў горадзе.
Лам адзначыла, што ёй было нялёгка вырашыцца на такую меру, аднак яна пайшла на гэты крок, паколькі сітуацыя ў горадзе выклікае сур'ёзны непакой. Распараджэнне Кэры Лам грунтуецца на законе аб надзвычайных сітуацыях, прынятым яшчэ ў тыя часы, калі Ганконг з'яўляўся калоніяй Вялікабрытаніі. Гэты закон не прымяняўся ўжо больш за 50 гадоў.
Пакуль не ясна, як менавіта ўлады намерваюцца дабівацца выканання забароны на нашэнне масак. Дэманстранты, сапраўды, часта апранаюць маскі, каб не быць апазнанымі і абараніцца ад слезацечнга газу, аднак у Ганконгу вельмі многія людзі носяць маскі проста для абароны ад забруджанага паветра, вірусаў і бактэрый.
Лам абяцала зрабіць выключэнні для грамадзян, якія не могуць абыходзіцца без ахоўных масак. У той жа час катэгарычна забараняецца нашэнне масак групамі, якія складаюцца як мінімум з пяці чалавек. За парушэнне прадугледжана максімальнае пакаранне ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі.
паводле dw.com/эж