Беларуская Служба

За спыненне агню ва Украіне Пуцін патрабуе выратавання для «Газпраму»  

14.03.2025 12:58
Неафіцыйна Злучаныя Штаты вывучаюць магчымасць наладжвання супрацоўніцтва з расійскай газавай кампаніяй «Газпрам».
«Газпром»Shutterstock.com/BalkansCat

Як піша Bloomberg, Уладзімір Пуцін дамагаецца гэтага ў рамках перамоваў аб спыненні ваенных дзеянняў ва Украіне.

Шмат сведчыць пра тое, што паміж прадстаўнікамі ЗША пачаліся папярэднія кулуарныя перамовы аб аднаўленні супрацоўніцтва з «Газпрамам».

На фоне размоваў пра вайну і магчымае перамір'е ідуць вельмі інтэнсіўныя перамовы пра адмену санкцый, асабліва тых, якія тычацца фінансавага сектара, а таксама адносна экспарту прыроднага газу і сырой нафты - паведамляе Bloomberg.

Не зусім ясна, ці ўдзельнічаюць у перамовах прадстаўнікі ўладаў, ці для захавання сакрэтнасці была прызначаная кансалтынгавая фірма.

13 сакавіка Уладзімір Пуцін, падводзячы вынікі перамоваў з амерыканскім бокам аб спыненні баявых дзеянняў ва Украіне, адзначыў, што адной з нітак магчымага пагаднення з'яўляецца аднаўленне энергетычнага супрацоўніцтва, якое "можа пракласці шлях для аднаўлення паставак у Еўропу".

Аднаўленне паставак павінна быць узгоднена з нямецкім бокам, які раней адказваў за атрыманне сыравіны з Расіі.

Другі элемент — гэта палітыка ўсяго Еўрасаюза, які, акрамя Славакіі і Венгрыі, магчыма, таксама Балгарыі, рашуча выступае за захаванне санкцыяў і забарону на імпарт расійскага газу.

Не выключана, што «Газпрам» выступіць з прапановай аб пагашэнні даўгоў перад еўрапейскімі кампаніямі пастаўкамі газу. Для многіх гэта можа быць прывабнай бізнес-перспектывай.

яс