15 кастрычніка ў Польшчы адбыліся выбары ў Сейм і Сенат, а таксама рэферэндум. Канчатковыя вынікі, хутчэй за ўсё, будуць вядомыя ў аўторак.
Паводле экзіт-полаў, на выбарах перамагла кіроўная партыя «Права і справядлівасць» – 36,8 працэнта. На другім месцы апынулася апазіцыйная «Грамадзянская кааліцыя» -31,6 працэнта, а на трэцім – апазіцыйная кааліцыя «Трэцяя дарога» -13 працэнтаў, на чацвёртым «Новыя левыя сілы» – 8,6 працэнта і на пятым крайне правая «Канфедэрацыя»- 6,2 працэнта.
Яўка на выбарах была рэкордная – яна склала (паводле экзіт-полаў) ажно 72,9 працэнта. Дагэтуль самая высокая яўка фіксавалася на выбарах у 1989 годзе – складала 62,7 працэнтаў.
У сваю чаргу яўка на рэферэндуме, які прайшоў разам з парламенцкімі выбарамі, склала 40 працэнтаў – вынікае з экзіт-полу, праведзенага IPSOS.
Большасць выбарчых участкаў закрыліся, як планавалася. Аднак былі месцы, дзе на 21.00 гадзіну перад выбарчымі ўчасткамі яшчэ стаялі вялікія чэргі. Згодна з рэгламентам, права прагаласаваць меў кожны, хто да планаванай гадзіны закрыцця ўчастка стаяў у чарзе.
Напрыклад, у Вроцлаве ля выбарчага ўчастка ў раёне Ягодна ў чарзе яшчэ стаяла каля тысячы чалавек. Менавіта таму, галасаванне на згаданым участку скончылася каля трэцяй гадзін ночы.
Паводле звестак СМІ, некаторыя выбаршчыкі чакалі ў чарзе амаль шэсць гадзін.
Паводле экзіт-полаў, папярэднія вынікі выбараў пацвердзілі, што палітычны падзел у краіне адбываецца па восі ўсход-захад. ПіС перамагла ў ваяводствах, размешчаных на ўсходзе і ў цэнтры. У сваю чаргу ў заходняй Польшчы першае месца заняла «Грамадзянская кааліцыя».
аз