Літоўскія СМІ пішуць, што Расія па-ранейшаму спрабуе глушыць сігнал GPS. Гэта ўплывае на бяспеку палётаў у рэгіёне. Паводле афіцыйных звестак літоўскай аэранавігацыйнай кампаніі, у сакавіку пілоты паведамлялі пра збоі ў працы прылад спадарожнікавай навігацыі больш за трыста разоў. У лютым такіх паведамленняў было на паўсотні больш.
Паводле Упраўлення рэгулявання сувязі Літвы, збоі ўзнікаюць наўмысна і ідуць з тэрыторыі Калінінградскай вобласці.
«Яны рэгіструюцца ўвесь час і ў асноўным тычацца ўсіх самалётаў, якія пралятаюць паблізу Калінінградскай вобласці або над Балтыйскім морам», — кажуць прадстаўнікі ўпраўлення.
У канцы лютага дарадца прэзідэнта Літвы Марыус Чэснулявічус заявіў, што такім чынам расіяне, хутчэй за ўсё, спрабуюць засцерагчы сябе ад атакаў з боку Украіны і згаданая дзейнасць не накіраваная канкрэтна супраць Літвы.
Літоўцы паведамляюць, што падобныя збоі фіксуюцца таксама ў Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі і Нарвегіі.
IAR/аз