Музеі, галерэі, тэатры, грамадскія ўстановы, навуковыя цэнтры, а таксама месцы, якія звычайна недаступныя для публікі можна будзе наведаць падчас сёлетняй «Ночы музеяў», якая ў большасці гарадоў Польшчы пройдзе з 13 на 14 траўня.
У 19-й «Ночы музеяў» у Варшаве возьме ўдзел рэкордная колькасць устаноў – 270, у тым ліку, больш за 40 – упершыню. Можна будзе наведаць, між іншым, падземны фрагмент стогадовых каналізацыйных сетак сталіцы, нова адкрытую амбасаду Ісландыі, вілу Жабіньскіх у Варшаўскім заапарку, а таксама бясплатнага падняцца на аглядную пляцоўку Палаца культуры і навукі, з якой можна палюбавацца захапляльнай панарамай сталіцы.
У сваю чаргу Нацыянальны музей у Варшаве запрашае наведаць яго пастаянныя і часовыя выставы. Між іншым, у рамках адной з іх можна будзе пабачыць творы Шагала, Гоі, Выспянскага з калекцыі, набытай у 2017–2022 гадах.
З 19.00 у Варшаўскім фотапластыконе можна будзе паглядзець спецыяльны паказ «Парыж Поўначы? Варшава 1930-х гадоў», кажа Павел Бжонкала(Paweł Brząkała):
- Нам не хапала менавіта такой калекцыі, паколькі нашыя даваенныя здымкі сталіцы паказваюць Варшаву да Першай сусветнай вайны. Тым часам гледачы зацікаўленыя здымкамі Варшавы, зробленымі напярэдадні Другой сусветнай вайны.
«Ноч музеяў» у Варшаўскім фотапластыконе будзе суправаджацца канцэртам гурта «Варшавякі».
Экскурсаводы Музея гісторыі польскіх габрэяў POLIN правядуць наведвальнікаў па самых цікавых кутках выставы і падзеляцца ўнікальнымі гісторыямі і распавядуць пра сваю працу.
Як і кожны год, у рамках акцыі можна будзе наведаць пастаянную экспазіцыю Музея Варшаўскага паўстання. Мультымедыйная выстава дае ўнікальную магчымасць адчуць атмасферу паўстанцкай Варшавы.
«Ноч музеяў» – гэта адзіная магчымасць убачыць каралеўскія апартаменты і творы еўрапейскага мастацтва з калекцыі Музея палаца караля Яна ІІІ Сабескага ў Вілянове ў вячэрняй абстаноўцы.
Гэта таксама магчымасць убачыць музей Фрыдэрыка Шапена ў Варшаве пасля мадэрнізацыі. Лейтматывам акцыі будзе фартэпіяна і паэма Цыпрыяна Каміля Норвіда «Фартэпіяна Шапена», кажа прэс-сакратар Інстытута Фрыдэрыка Шапена Аляксандр Ляскоўскі(Aleksander Laskowski):
- Фартэпіяна будзе весці аповед пра гісторыю і музыку. Гэта сімвал, які навязвае да гадавіны паўстання 1863 года. Музыку можна будзе таксама пачуць на тэрасе музея, дзе будуць праходзіць канцэрты маладых піяністаў.
З 19.00 па 1.00 можна будзе бясплатна наведаць аб’екты сталічнага парка «Каралеўскія лазенкі», у тым ліку Палац на выспе, Старую аранжарэю з Каралеўскім тэатрам іг.д.
У «Ноч музеяў» свае залы для наведвальнікаў традыцыйна адкрые Каралеўскі замак у Варшаве.
«Ноч музеяў» – дасканалая нагода пазнаёміцца з Нацыянальным музеем тэхнікі ў Варшаве пасля грунтоўнага некалькі гадовага рамонту, нагадвае кіраўнік выставачнага аддзела музея Заслаў Адамашэк (Zasław Adamaszek):
- Гэта галоўная выстава, прысвечаная польскаму ўкладу ў сусветную тэхнічную спадчыну. Гэта 1100 квадратных метраў захапляльных экспанатаў і звестак пра палякаў, якія цягам апошніх 300 гадоў запісаліся ў гісторыі тэхнікі свету і Айчыны.
Да акцыі далучаецца таксама Сенат – вышэйшая палата польскага парламента, сядзібу якога можна будзе наведаць 19.00 13 траўня, а таксама Бельведэр – рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Польшча, у якой можна будзе ўбачыць выставу, прысвечаную сям’і Ульмаў, кажа кіраўнік Канцылярыі прэзідэнта Гражына Ігначак-Бандых(Grażyna Ignaczak-Bandych):
- Прэзідэнт зацікаўлены ў тым, каб бэатыфікацыя сямі’і Ульмаў не была выключна рэлігійнай падзеяй, то бок каб яе суправаджалі адукацыйныя і грамадскія дзеянні.
У Варшаве будуць арганізаваны шматлікія мерапрыемствы на адкрытым паветры. Наведвальнікі змогуць скарыстацца спецыяльнымі, бясплатнымі «музейнымі» аўтобуснымі і трамвайнымі лініямі, а некаторыя стандартныя лініі грамадскага транспарту будуць працаваць у падоўжаны час, кажа Тамаш Кунэрт(Tomasz Kunert) з праўлення Гарадскога транспарту Варшавы:
- Падчас сёлетняй «Ночы музеяў» варшаўскі гарадскі транспарт будзе працаваць даўжэй, а аўтобусы і трамваі некаторых лініяў будуць курсаваць часцей. Мы запланавалі таксама курсы гістарычных трамваяў і аўтобусаў.
У сваю чаргу Музеі памяці Сібіры ў Беластоку прапануе майстар-класы, самастойныя экскурсіі па пастаяннай экспазіцыі, заняткі для дзяцей і прывабныя скідкі ў музейнай кнігарні. Апрача таго да «Ночы музеяў» у Беластоку далучаюцца, між іншым, Цэнтр культуры, Галерэя «Арсенал», а таксама Беластоцкі лялечны тэатр і Музей войска.
У сёлетняй «Ночы музеяў» прымуць удзел таксама 25 музейных установаў Лодзі, у тым ліку Музей горада Лодзь, дзе наведвальнікі змогуць пакінуць свае прапановы на конт таго, што будзе змешчана ў Капсуле часу, падрыхтаванай Музеем з нагоды 600-годдзя Лодзі, якое адзначаецца сёлета.
Музей Другой сусветнай вайны ў Гданьску падрыхтаваў мерапрыемствы ў двух месцах, гэта значыць у галоўнай сядзібе ўстановы і на паўвыспе Вестэрплатэ, дзе будуецца новая музейная ўстанова.
У сваю чаргу «Ноч музеяў» у Кракаве запланавана на пятніцу праз тыдзень, то бок 19 траўня. Акцыя прымеркавана да 550-годдзя першадруку ў Польшчы, якое прыпадае на гэты год. У гэтую ноч свае дзверы для наведвальнікаў адкрыюць 60 розных музейных і культурных установаў Кракава.
У Познані і Вроцлаве «Ноч музеяў» ладзіцца ў суботу 20 траўня. Ва ўроцлаўскай акцыі прыме ўдзел 101 установа, у тым ліку Каралеўскі палац, Нацыянальны музей, Музей Пана Тадэвуша. Дарослыя наведвальнікі ўпершыню змогуць наведаць Музей судовай медыцыны ў Вроцлаве.
«Ноч музеяў» – адно з самых папулярных культурных мерапрыемстваў года, якое кожны раз прыцягвае тысячы наведвальнікаў. Нагадваем, у леташняй «Ночы музеяў» толькі ў Варшаве прыняла ўдзел рэкорднай колькасць наведвальнікаў – больш за 230 тысяч чалавек.
У Еўропе «Ноч Музеяў» праводзіцца з канца 1990-х гадоў, а ў Польшчы сёлета святкуе сваё 19-годдзе.
IAR/аз