У канцы мая Цэнтр польска-расійскага дыялогу і паразумення (Centrum Polsko-Rosyjskiego Dialogu i Porozumienia), дзяржаўная ўстанова Польшчы, створаная 10 год таму, выдаў кнігу „Za pierwszych Sowietów. Polsko-białoruskie pogranicze 1939–1941 w relacjach mówionych mieszkańców Białorusi” («У часы першых саветаў. Польска-беларускае пагранічча ў 1939–1941 гг. у вусных сведчаннях жыхароў Беларусі»). Гэта расказы відавочцаў падзей першых гадоў Другой сусветнай вайны, калі паўночна-ўсходнія землі Рэспублікі Польшча, населеныя беларусамі, палякамі, украінцамі, літоўцамі, рускімі, яўрэямі, былі далучаны да СССР.
Кніга „Za pierwszych Sowietów. Polsko-białoruskie pogranicze 1939–1941 w relacjach mówionych mieszkańców Białorusi”, выдадзеная Цэнтрам польска-расійскага дыялогу і паразумення, падрыхтавана пад навуковай рэдакцыяй беларускага гісторыка Аляксандра Смаленчука. Падборку матэрыялаў выканала Вольга Іванова. На польскую мову пераклала Міраслава Лукша. Кніга выйшла пад рэдакцыяй супрацоўніцы фонда Ośrodek Karta Агнешкі Кныт. Гісторык з Цэнтра польска-расійскага дыялогу і паразумення Мацей Вырва з’яўляецца навуковым кансультантам выдання.
Мацей Вырва гаворыць, што кніга невыпадкова выдадзена Цэнтрам польска-расійскага дыялогу і паразумення.
Мацей Вырва: — Мэтай нашай дзейнасці з’яўляецца ініцыіраванне і падтрымка дыялогу, які спрыяе паразуменню ў польска-расійскіх адносінах. Сярод нашых мэт — таксама распаўсюджванне гістарычных ведаў, у т.л. пра складаную эпоху СССР. І гэта дае нам права ажыццяўляць праекты звязаныя з Беларуссю. Сярод гэтых праектаў — спроба рэканструкцыі г.зв. беларускага Катынскага спісу, пераліку асоб, якія загінулі, а дакладней, былі забіты на тэрыторыі паўночна-ўсходніх ваяводстваў даваеннай Рэспублікі Польшча падчас Катынскага расстрэлу (масавыя забойствы польскіх грамадзян, ажыццёўленыя вясной 1940 года ў Катыні (лясны масіў за 30 км на захад ад Смаленска, дзе расстрэлы здзяйсняліся паводле рашэння «тройкі» НКУС СССР у адпаведнасці з пастановай Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 5 сакавіка 1940 г.) і іншых мясцовасцях СССР. — Рэд.). мы выдалі кнігу памяці „Nieodnalezione ofiary Katynia” («Не знойдзеныя ахвяры Катыні»), якая складаецца з прыкладна 1000 біяграм асоб, якія прапалі без звестак і маглі стаць ахвярамі Катынскага расстрэлу. Гэту кнігу можна спампаваць бясплатна са старонкі Цэнтра польска-расійскага дыялогу і паразумення ў Інтэрнэце: https:\/\/cprdip.pl/
Целы гэтых ахвяр, праўдападобна, схаваны ў Курапатах (урочышча пад Мінскам, дзе ў 1937-1941 гг. забівалі ахвяр сталінскіх рэпрэсій. — Рэд.). Курапатам прысвечаны яшчэ адзін наш праект, які з’яўляецца часткай яшчэ аднаго праекта — https://katynpromemoria.pl/, які з’яўляецца мультымедыйным даведнікам па “катынскіх” могілках. І мы хочам стварыць модуль, прысвечаны ахвярам, якія ляжаць у Курапатах — як беларусам, так і палякам. Праўдападобна, гэты праект будзе даступны ў сакавіку наступнага года.
У бліжэйшыя месяцы з’явіцца зборнік дакументаў, прысвечаны “польскай аперацыі” НКУС БССР, ажыццёўленай у 1937-1938 гг. Гэта была найбуйнейшая “нацыянальная” аперацыя, праведзеная падчас Вялікага тэрору — сталінскіх рэпрэсій у СССР. У рамках гэтай аперацыі ў БССР было рэпрэсіравана прынамсі 19 тыс. чалавек, з якіх 17 тыс. расстралялі, а больш за 2 тыс. было выслана ў лагеры. Значную частку рэпрэсіраваных складалі беларусы, пра што мала хто памятае.
Кніга „Za pierwszych Sowietów. Polsko-białoruskie pogranicze 1939–1941 w relacjach mówionych mieszkańców Białorusi” — гэта чарговы праект Цэнтра польска-расійскага дыялогу і паразумення. У ёй адлюстраваны перыяд, калі савецкая ўлада ў канцы верасня 1939 года следам за Чырвонай Арміяй прыйшла на землі паўночна-ўсходняй Польшчы, або Заходняй Беларусі. Гэты адрэзак часу звычайна называўся «першымі саветамі», у адрозненне ад савецкай улады, усталяванай у 1944 г., пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі («другія саветы»).
Ваенныя і палітычныя падзеі верасня 1939 г. і іх трагічныя наступствы, такія як Другая сусветная вайна і захоп СССР краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, з'яўляюцца прадметам ажыўленых дыскусій гісторыкаў, палітыкаў. Палітычнае значэнне тых падзей заключаецца ў першую чаргу ў спробе кіруючых колаў Расіі скрыць злачынствы сталінскага рэжыму, а таксама асудзіць інтэрпрэтацыі ролі СССР падчас Другой сусветнай вайны, якія не супадаюць з афіцыйным поглядам улад Расіі, якім іх краіна бачыцца «вызваліцелем» краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і галоўным выратавальнікам чалавецтва ад нямецкага нацызму.
Аднак у кнізе „Za pierwszych Sowietów. Polsko-białoruskie pogranicze 1939–1941 w relacjach mówionych mieszkańców Białorusi” гучаць сведчанні пра той перыяд, калі СССР быў краінай-агрэсарам у адносінах да заходніх суседзяў і ў той жа час саюзнікам гітлераўскай Германіі.
Для беларускага грамадства важнасць гэтай тэмы таксама звязана з імкненнем зразумець месца перыяду БССР у гісторыі народа і краіны. Восенню 1939 г., у выніку сумеснай агрэсіі СССР і Германіі супраць Польшчы, здавалася б, адбылося доўгачаканае і справядлівае «ўз'яднанне беларускай нацыі». Граніца, усталяваная ў 1921 годзе, у выніку заключэння РСФСР і УССР, з аднаго боку, і Польшчай, з другога, Рыжскага міру, што падзяляла беларускі і ўкраінскі народы, успрымалася беларусамі і ўкраінцамі як велізарная несправядлівасць. Гэтым карысталася савецкая прапаганда і да, і пасля 1939 года, акцэнтуючы ўвагу не на захопе часткі Польшчы, а на «вызваленні» беларусаў і ўкраінцаў. Як было на самай справе, дапамагаюць уявіць сведчанні, сабраныя ў кнізе „Za pierwszych Sowietów. Polsko-białoruskie pogranicze 1939–1941 w relacjach mówionych mieszkańców Białorusi”.
Мацей Вырва: — Два гады таму мы выдалі гэту кнігу па-беларуску ў Беларусі. У ёй змешчаны сведчанні 107 жыхароў пагранічча, галоўным чынам беларусаў, але таксама палякаў, яўрэяў, сабраныя даследчыкамі беларускага Архіва вуснай гісторыі.
Працуючы над кнігай, мы мінімальна ўмешваліся ў змест расказаў, што адбілася на яе змесце. Кніга можа здавацца трохі цяжкай для чытання. Але адначасова, як нам здаецца, гэта вельмі праўдзівая кніга.
Гэта кніга ў пэўным сэнсе дэканструіруе міфы і хлусню савецкай прапаганды, якімі абраслі падзеі 17 верасня 1939 года (нападзенне Чырвонай Арміі ва ўсходнюю Польшчу, або, у савецкай інтэрпрэтацыі, “вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. — Рэд.). Гэта хлусня ўвесь час выкарыстоўваецца прапагандай Лукашэнкі і афіцыйнай гістарыяграфіяй у Беларусі.
Напрыклад, існуе папулярны, у т.л. у Польшчы, міф, быццам бы беларусы хлебам і соллю віталі Чырвоную Армію ў верасні 1939 года. Паводле ж нашых суразмоўцаў, да гэтага рэдка даходзіла. А частка сведкаў ведала пра гэта толькі з савецкіх прапагандысцкіх фільмаў. Калі ж і віталі Чырвоную Армію, то перш за ўсё камуністы, якія прыехалі з СССР, і яўрэі, якія баяліся прыходу немцаў, і як паказала гісторыя, баяліся слушна.
Мацей Вырва спасылаецца на яшчэ адзін важны факт: сярод герояў кнігі ёсць людзі, чые сваякі служылі ў Войску Польскім. І ў іх быў складаны лёс.
Мацей Вырва: — Часта пазней, як польскія салдаты, яны былі рэпрэсіраваны немцамі і савецкімі ўладамі. Частка з іх прайшла ўвесь шлях з арміяй Андэрса, ваявала пад Монтэ-Касіна.
На старонках кнігі паўстае зусім іншы вобраз “вызваленчай” Чырвонай Арміі. Для сведкаў тых падзей гэта была банда галодных і абадраных мужчын, з пісталетамі на вяроўках і ў крывых ботах, якія панічна баяліся НКУС і са страхам глядзелі на іконы, якія віселі ў кожным польскім і беларускім доме.
Такім чынам, у герояў кнігі склаўся менавіта такі вобраз “рускіх саветаў”, як іх называлі, якія скуплялі ў крамах усе прадукты.
Нягледзячы на тое, што ў даваеннай РП беларусы не былі прывілеяванай групай, у іх вачах саветы прыхадні ўвасаблялі ніжэйшы культурны, гаспадарчы, цывілізацыйны ўзровень.
“Вызваленне” для іх было часам крызісу і заняпаду гаспадаркі, галечы і перш за ўсё — страху.
І важна падкрэсліць тое, што мае значэнне ў беларуска-польскіх адносінах: савецкія рэпрэсіі закранулі не толькі палякаў. Дэпартацыі закранулі таксама беларусаў, якія траплялі ў архіпелаг ГУЛАГ. Пра ўсё гэта мы даведваемся з расказаў, якія сабраны ў гэтай кнізе.
Кнігу „Za pierwszych Sowietów. Polsko-białoruskie pogranicze 1939–1941 w relacjach mówionych mieszkańców Białorusi” можна заказаць, напісаўшы па электроннай пошце: baranowska@cprdip.pl, або пазваніўшы па тэл.: +48 602 780 354.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё