Зміцер Бартосік
Аднойчы яму ў рукі трапілі дакументы Маладзечанскага абласнога суду, якія выпадкова апынуліся ў адкрытым доступе. Яны расказвалі пра супраціў беларусаў савецкай акупацыі, русіфікацыі і калгасам, маштаб якіх быў велічэзным. Гэтыя старонкі ў гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя найбольш замоўчваюцца і застаюцца засакрэчанымі.
Дакументы трапілі ў рукі Змітра Бартосіка дзякуючы гісторыку Міхасю Чарняўскаму. Спачатку матэрыялы сталі асноваю для радыёперадач, а потым выйшлі ў кнізе пад назвай «Забіць упалмінзага». Аўтар апавядае пра невядомыя факты беларускай гісторыі на падставе дакументаў і галасамі жывых сведкаў, якіх на момант выхаду кнігі амаль не засталося.
Чытаючы матэрыялы Маладзечанскага абласнога суда Зміцер Бартосік натрапіў на назву пасады: упалмінзаг. Адзін з фігурантаў справы абвінавачваўся ў тым, што хацеў забіць упалмінзага.
-Я захацеў даведацца, ці не мала яму далі за забойства такога «добрага» чалавека. Высветлілася, што было за што. Гэта: уполномоченный министерства заготовок. Гэта дзіця бальшавіцкай продразвёрстки. Яго пасля пераўтварылі ў народны камісарыят, а ў 1946 – у міністэрства. Яно займалася тым жа, то бок выбівала з сялян прадуктовыя падаткі: збожжа, мяса, скаціну, поўсць. Падаткі з кожным годам раслі, упалмінзагі звярэлі, каб абудзіць у людзях комунистическое сознание, каб яны хутчэй і радасней ішлі ў калгасы. Тыя, хто не хацеў ісці ў калгас, змагаўся як мог, у тым ліку ваявалі і супраць упалмінзагаў.
Дакументы аб антысавецкім супраціве, якія асабліва сведчаць пра іх маштаб, засакрэчаныя. Зміцер Бартосік тлумачыць, чаму:
-Гэтае хаванне пачалося адразу, у 50-ыя гады. Беларусь павінна была быць самай узорнай і паслухмянай, самай камуністычнай рэспублікай. Тут не павінна было быць супраціву. А маштаб супраціву быў такі, што любы абласны начальнік не меў права ехаць у раён па справах без васьмі чалавек аховы. Таму ўсё сакрэцілася.
Чытаючы кнігу «Забіць упалмінзага» складаецца ўражанне, што чытач апынаецца ў сённяшняй Беларусі.
Поўная размова з аўтарам – у далучаным гукавым файле.
фота са старонкі З. Бартоскіа ў Фэйсбуку
слухайце аўдыё
ав