Сёння ў Парыжы сустракаюцца прэзідэнты Францыі і Украіны. Эмануэль Макрон прыме Уладзіміра Зяленскага напярэдадні саміту так званай «кааліцыі ахвотных».
У сталіцы Францыі пройдзе сустрэча лідараў краін, якія падтрымліваюць Украіну ў распрацоўцы мірнага плана. Тэму працягвае карэспандэнт Польскага радыё Стэфан Фольцэр:
-Узмацненне французскай вайсковай і фінансавай падтрымкі для Украіны і падрыхтоўка парыжскага саміту – гэта асноўныя тэмы сустрэчы Эмануэля Макрона і Уладзіміра Зяленскага. Прэзідэнты Францыі і Украіны паразмаўляюць увечары ў Елісейскім палацы. Апошнія тыдні абодва лідары працягвалі пастаянны кантакт. «Я часта размаўляю з Макронам - прыкладна раз на дзень», - прызнаўся Уладзімір Зяленскі ўкраінскім журналістам пасля таго, як прэзідэнт Францыі патэлефанаваў яму падчас прэс-канферэнцыі.
Эмануэль Макрон разам з прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Кейрам Стармерам адыгрывае вядучую ролю ў стварэнні «кааліцыі ахвотных ». Парыжскі саміт стане другой сустрэчай у такім фармаце.
«Мы завершым нашу працу па кароткатэрміновай падтрымцы ўкраінскай арміі, абароне ўстойлівай мадэлі ўкраінскіх узброеных сіл, а таксама па гарантыях бяспекі, якія могуць даць еўрапейскія арміі», - кажа Эмануэль Макрон.
Аднак сярод краінаў, якія будуць прадстаўленыя ў Парыжы - у тым ліку Германіі, Італіі, Вялікабрытаніі, Канады і Польшчы - ёсць разыходжанні ў меркаваннях, напрыклад, адносна магчымай адпраўкі мірных сіл ва Украіну.
IAR/аз