Беларуская Служба

«Пачобут – гэта прыклад сучаснага «выклятага жаўнера» (ФОТА)

25.01.2023 17:01
У польскім Сейме адкрылася выстава пра польскага актывіста і журналіста Анджэя Пачобута.
Аўдыё
  • У польскім Сейме адкрылася выстава пра польскага актывіста і журналіста Анджэя Пачобута
Лідарка беларускай дэмакратычнай апазіцыі Святлана Ціханоўская на адкрыцці выставы ў польскім Сейме PAP/Radek Pietruszka

У сераду ў польскім Сейме адкрылася выстава: «Анджэй Пачобут. Пераследаваны за польскасць». Паводле арганізатараў, экспазіцыя з’яўляецца жэстам салідарнасці і падтрымкі вядомага польскага актывіста і журналіста, суд над якім пачаўся на мінулым тыдні ў Гродне.

Мерапрыемства арганізавала віцэ-спікер Сейма Малгажата Гасеўска (Małgorzata Gosiewska), якая прыняла ў ім удзел разам з лідаркай беларускай дэмакратычнай апазіцыі Святланай Ціханоўскай і прадстаўнікамі беларускіх колаў у Польшчы:

- Мы хочам нагадаць палякам, што Анджэй Пачобут ужо амаль два гады ўтрымліваецца ў турме. Гэта сур'ёзная справа. Умовы, у якіх яго ўтрымліваюць – гэта форма пераследу і катавання. Мы бачылі апошнія здымкі з пачатку працэсу. Бачна, што ў яго сітуацыя са здароўем драматычная. Гэта рэжым, які ўтрымлівае людзей у турмах.

 Bіцэ-спікер Сейма Малгажата Гасеўска/ PAP/Radek Pietruszka Bіцэ-спікер Сейма Малгажата Гасеўска/ PAP/Radek Pietruszka

Выстава – складаецца з дошак, якія паказваюць, сярод іншага, фотаздымкі Анджэя Пачобута; прадстаўляюць яго дзейнасць як журналіста, публіцыста і чалавека, які змагаецца за правы палякаў у Беларусі, а таксама фотаздымкі з дэманстрацый, якія праводзіліся ў яго падтрымку, кажа Гасеўска:

- Гэта здымкі, якія паказваюць, яго дзейнасць, актыўнасць, даследаванне гісторыі Польшчы, змаганне за гістарычную праўду, клопат пра месцы памяці. Дарэчы, я знаёмілася з Анджэем Пачобутам, там у Беларусі пры нагодзе розных урачыстасцяў, у якія ён моцна ангажаваўся. Для мяне Пачобут – гэта прыклад сучаснага «выклятага жаўнера».

Экспазіцыю падрыхтавала рэдакцыя газеты «Голас з-над Нёмана ў выгнанні» («Głos znad Niemna na uchodźstwie» ), партал Znadniemna.pl і Фонд «Свабода і дэмакратыя». Арганізатары выставы падкрэсліваюць, што выстава «павінна стаць чарговым жэстам падтрымкі Анджэя Пачобута і іншых палякаў, якія пераследуюцца ў Беларусі».

Тыдзень таму пачаўся суд над сябрам кіраўніцтва забароненага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі Анджэем Пачобутам. Журналіст знаходзіцца пад вартай з 25 сакавіка 2021 года. Палітвязень не пагадзіўся прасіць Аляксандра Лукашэнку аб памілаванні. Зараз ён знаходзіцца пад вартай у Гродне. Раней яго ўтрымлівалі ў Мінску і Жодзіне.

Суд над Пачобутам двойчы пераносіўся. Першапачаткова ён павінен быў пачацца 28 лістапада, затым 9 студзеня і, нарэшце, 16 студзеня.

Нагадваем, Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальванні варожасці», у тым ліку, як сцвярджае абвінавачанне, у «рэабілітацыі нацызму», а пазней і ў закліках да санкцый і дзеянняў накіраваных супраць Беларусі. Яму пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 12 гадоў. У кастрычніку 2022 года ён быў унесены ў беларускі «спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

Як паведамляе ПЦ «Вясна», на думку пракуратуры, віна Пачобута заключаецца ў тым, што ён называў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе, пісаў артыкулы пра пратэсты ў Беларусі і дзеячаў польскага падполля падчас і пасля Другой Сусветнай вайны, а таксама выступаў у абарону польскай меншасці ў Беларусі.

Лідарка беларускай дэмакратычнай апазіцыі Святлана Ціханоўская, якая прысутнічала на адкрыцці выставы ў польскім Сейме заявіла, што Анджэй Пачобут – гэта прыклад для астатніх беларусаў:

- Суд над Анджэем Пачобутам, несумненна, з’яўляецца помстай Лукашэнкі за тое, што Польшча падтрымлівае дэмакратычныя працэсы ў Беларусі. Гэта адзін з элементаў барацьбы рэжыму ў Мінску, які, як вядома, таксама помсціў польскім школам у Беларусі, а нават на памерлых, бо, як вядома, беларускія ўлады таксама зносяць магілы польскіх жаўнераў, якія пахаваныя ў Беларусі.

Разам з Пачобутам былі арыштаваныя старшыня Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс, Ірэна Бярнацкая і Марыя Цішкоўская з СПБ, а таксама брэсцкая актывістка Ганна Панішэва. Борыс была вызваленая з-пад варты ў сакавіку 2022 года, але яна дагэтуль знаходзіцца пад крымінальным працэсам і яе статус незразумелы – паводле незалежных СМІ, яна можа знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Бярнацкай, Цішкоўскай і Панішэвай летась удалося пакінуць Беларусь дзякуючы намаганням польскіх уладаў. Аднак ім забаронена вяртацца на радзіму.

У польскім Сейме адкрылася выстава: «Анджэй Пачобут. Пераследаваны за польскасць» PAP/Radek Pietruszka У польскім Сейме адкрылася выстава: «Анджэй Пачобут. Пераследаваны за польскасць» PAP/Radek Pietruszka

Вызвалення Пачобута патрабуюць улады Польшчы, у тым ліку прэзідэнт Анджэй Дуда, які падкрэсліў, што Пачобут быў затрыманы абсалютна незаконна, а яго арышт зʼяўляецца прыкладам аўтарытарызму і тэрору з боку беларускага рэжыму.

У мінулы панядзелак польскае МЗС чарговы раз звярнулася да беларускіх уладаў з просьбай вызваліць вязня і зняць з яго палітычна матываваныя абвінавачванні. У той жа дзень аб далейшых намаганнях па вызваленні Пачобута заявілі кіраўнікі камісіяў Сейму і Сенату па справах палякаў за мяжой Робэрт Тышкевіч і Казімеж Уяздоўскі.

У сваю чаргу, пастаянны прадстаўнік Польшчы пры ААН амбасадар Кшыштаф Шчэрскі накіраваў старшыні Генеральнай Асамблеі ААН і намесніку Генеральнага сакратара ААН па правах чалавека заклік да намаганняў па вызваленні актывіста.

Учора дэпутаты з дэлегацыі Еўрапарламента па справах Беларусі Юозас Олекас і Пятрас Аўшрэвічус заклікалі павялічыць дапамогу рэпрэсаваным у Беларусі апазіцыянерам, у тым ліку зняволенаму актывісту СПБ Анджэю Пачобуту.

«Мы заклікаем Еўрасаюз павялічыць сваю падтрымку, як у краіне, так і за мяжой, для ўсіх смелых беларусаў», – напісалі еўрадэпутаты. «Няма сумненняў у тым, што гэтыя фіктыўныя судовыя працэсы прызначаныя для таго, каб выклікаць страх, прымусіць маўчаць незалежныя галасы і закрыць любую свабодную прастору для сапраўднай палітычнай дыскусіі ў Беларусі», – заявілі еўрадэпутаты.

Яны таксама нагадалі, што колькасць зарэгістраваных палітычных зняволеных у Беларусі, названая ПЦ «Вясна», беспрэцэдэнтная і набліжаецца да 1500 чалавек, але на самой справе іх можа быць значна больш, бо многія ахвяры не звяртаюцца да праваабаронцаў, баючыся далейшага пераследу.

У польскім Сейме адкрылася выстава: «Анджэй Пачобут. Пераследаваны за польскасць» PAP/Radek Pietruszka У польскім Сейме адкрылася выстава: «Анджэй Пачобут. Пераследаваны за польскасць» PAP/Radek Pietruszka

У сераду з прадстаўнікамі беларускіх грамадзянскіх і апазіцыйных колаў, у тым ліку лідаркай дэмакратычнай беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай, сустрэліся сябры Сеймавай камісіі па замежных справах, спікер Сейма Эльжбета Вітэк і кіраўнік МЗС Польшчы Збігнеў Рау.

IAR/аз

Ціханоўская: Справа Анджэя Пачобута – інструмент ціску рэжыму Лукашэнкі на Польшчу

19.01.2023 13:42
Пачобут не ідзе на кампрамісы са сваімі каштоўнасцямі. Нават у турме ён застаецца свабодным, кажа лідарка беларускай апазіцыі.

Святлана Ціханоўская сустрэнецца з польскімі міністрамі і спікерам парламента

23.01.2023 08:05
23 студзеня яна таксама плануе прыняць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных 160-годдзю пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага.

Гродзенскі абласны суд: Працэс па справе Анджэя Пачобута працягнецца ў сераду

25.01.2023 09:20
Па хадайніцтве пракурора суд над польскім актывістам праходзіць у закрытым рэжыме.